Раённы конкурс
“Экскурсавод на 5 хвілін”
2020/2021 навучальны год
Удзельніца: Вольга Сойка (9 клас)
Экспанат: Кручок касцяны рыбалоўны (7 – 3 тыс. да н.э.) – Азернае, воз. Вячэра
Тэкст экскурсіі:
Добры дзень, паважаныя наведвальнікі музея. Мяне завуць Вольга. Я прыехала з вёскі Ямінск. Жыццё маёй вёскі цесна звязана з гісторыяй нашага Любанскага краю. Праз Ямінск раней працякала рэчка Рухаўка. Здаўна на яе берагах сяліліся людзі. Вёскі Рухава, Плюсна, Ямінск – усе побач каля старога русла ракі. А ўпадала рака ў возера Вячэра, дзе былі знойдзены рэшткі дзейнасці самых першых людзей на тэрыторыі Любаншчыны. Яны прадстаўлены на выставачным стэндзе. (паказвае на стэнд).
Возера Вячэра і рака Арэса вабілі чалавека сваімі прыроднымі багаццямі, якія давалі самае неабходнае – ваду і ежу.
Засяленне Паарэсся людзьмі, хутчэй за ўсё, адбывалася ў сярэднім каменным веку (мезаліце).
Каля 10 тысяч гадоў таму скончылася апошняе абледзяненне на тэрыторыі Беларусі. Пачалося пацяпленне. Клімат станавіўся больш цёплым. І чым цяплей было, тым хутчэй змянялася расліннае покрыва і жывёльны свет. Замест беднай расліннасці выраслі густыя лясы і шаўковыя лугі.
Чалавек пачаў рухацца з поўдня на поўнач і адкрываў для сябе багаты край Беларусі, і Любаншчыны ў тым ліку. Ён павінен быў навучыцца жыць і дабываць сабе ежу ў новых умовах.
Пасля пацяплення буйныя жывёлы зніклі, а дробных было яшчэ мала. Таму рыбалоўства заняло ў жыцці першабытнага чалавека важнейшую ролю. Дробная рыбахутчэй асвойвала новыя рачныя прасторы для жыцця, чым дробная птушка і жывёла – лясы і палі.
Ранейшыя прыстасаванні для палявання і рыбалоўства не падыходзілі, бо яны былі´ масіўныя і разлічваліся на калектыўнае дабыванне ежы. Паступова людзі вынайшлі лёгкія і хуткія стрэлы, а таксама дробныя рыбалоўныя прыналежнасці.
Да гэтага перыяду адносяцца і археалагічныя знаходкі, якія адшукалі каля вёскі Азернае і возера Вячэра.
Вывучаючы гэтыя знаходкі, вучоныя выявілі, што адным з самых важных заняткаў першабытных жыхароў Любаншчыны было рыбалоўства. На гэта ўказвае вялікая колькасць знойдзеных у час археалагічных раскопак рэчаў, прызна´чаных для лоўлі рыбы (паказвае ўсю экспазіцыю).
Важным доказам існавання чалавека на тэрыторыі старажытнай Вячэры з’яўляюцца кручкі, зробленыя з касцей.
Экспанат пад нумарам 3 – рыбалоўны касцяны кручок (паказ экспаната). Вучоныя вызначаюць дату яго існавання – з 7 па 3 тысячагоддзе да н.э. – перыяд мезаліту і неаліту або канец каменнага веку на беларускіх землях.
Матэрыял, з якога зроблены кручок – косць. Першабытныя людзі выкарыстоўвалі косці жывёл, дзікіх кабаноў, ласёў, а часам – і косці буйных рыб.
Касцяны кручок (паказвае) ў параўнанні з сённяшнімі металічнымі кручкамі – вельмі тоўсты.
У яго ёсць асаблівасць – на закругленай карацейшай частцы адсутнічае зваротны востры элемент (паказвае на стэнд). Гэта было мабыць таму, што буйная рыба, такая як, шчупак, заглытвала нажыўку глыбока ўнутр. І дастаць кручок было б складана, калі б ён меў завостраны зубчык на канцы. Магчыма, менавіта гэтым кручком лавілі і шчупакоў.
На вяршыні кручка знаходзіцца штучна зробленая бароздка для прымацавання жылкі – старажытнай лескі. Рабілі яе з раслінных валокнаў ці жывёльных валасоў або жыл.
Выкарыстоўвалі такія кручкі першабытныя рыбаловы так, як і сучасныя – на канец кручка надзявалі нажыўку, закідвалі ў ваду і дабывалі рыбу.
Само існаванне гэтай рэчы як археалагічнай знаходкі даказвае існаванне на тэрыторыі Любаншчыны першабытных стаянак эпохі мезаліту і неаліту.
Наш зямляк, Мікалай Крывальцэвіч – вядомы археолаг і навуковец Беларусі. Вывучаючы археалагічныя помнікі Любанскага раёна, ён сказаў пра возера Вячэра, што “…самыя багатыя сюрпрызы Любанскай зямлі чакаюць не на берагах возера Вячэра, а ў ім самім, на дне…”.
І хоць ўжо на тэрыторыі Любанскага раёна шмат што вывучана, але, хто ведае, якія сюрпрызы нашым археолагам падорыць яшчэ наша Любаншчына…
Дзякуй за ўвагу!
Можа ёсць якія пытанні?
раскрыть » / « свернуть